Выкарыстанне другарадных рэсурсаў лесу
Штогод на землях ляснога фонду Беларусі расце да 50 тыс. тон ягад і пладоў, каля 60 тыс. тон ядомых грыбоў і прыкладна 90 тыс. тон лекавай сыравіны; біялагічныя рэсурсы бярозавага соку складаюць 480 тыс. тон.
Больш за 360 відаў раслін балот і лясоў шырока выкарыстоўваюцца ў навуковай і народнай медыцыне, і ў цяперашні час каля 30 % лекаў вырабляецца з расліннай сыравіны. Многія прадукты лесу, перш за ўсё ягадныя расліны сямейства бруснічныя (журавіны, чарніцы, брусніцы, буякі) і грыбы, багатыя біялагічна актыўнымi рэчывамi, які валодаюць капіляраўмацавальным, танізуючым, супрацьзапаленчым, бактэрыцыдным, крывятворным, супрацьпухлінным і антырадыянтным дзеяннем. Плады журавін, чарніц, буякоў, брусніц і многіх відаў лясных ядомых грыбоў у дастатковай колькасці ўтрымліваюць важнейшыя кампаненты антыакісляльнай сістэмы (амінакіслоты і мінеральныя рэчывы), якія спрыяюць вывядзенню радыенуклідаў з арганізма і дазваляюць у пэўнай ступені аказаць станоўчы ўплыў на ўмацаванне імуннай сістэмы чалавека.
Найбольш гаспадарча значнымі з'яўляюцца ягадныя расліны: чарніцы, журавіны, буякі і брусніцы, а з пладовых — рабіна звычайная. Для ўласных патрэб насельніцтвам таксама вядзецца нарыхтоўка лясных суніц, маліны, ажыны, касцяніцы і некаторых іншых відаў.
Максімальныя рэсурсы пладова-ягадных раслін размешчаны на тэрыторыі Мінскай (28 %) і Гомельскай (26 %) абласцей. Найбольшыя запасы ў цэлым па рэспублiцы чарніц — 33 тыс. тон (66 %) і журавін — 11,2 тыс. тон (22,5 %), найменьшыя — рабіны звычайнай (1,1 тыс. тон, або 2,2 %) і буякоў (1,3 тыс. тон, або 2,6 % ад біялагічнага запасу ўсіх асноўных відаў).
Па аб'ёмах нарыхтовак на першым месцы — чарніцы (да 5 тыс. тон штогод) і журавіны (каля 1 тыс. тон). Брусніцы ў апошнія гады нарыхтоўваюцца насельніцтвам у асноўным для ўласных патрэб; вельмі нязначныя аб’ёмы нарыхтоўкі буякоў.
Больш чым з 200 відаў ядомых грыбоў, якія растуць у беларускіх лясах, нарыхтоўваецца звыш 20 відаў: баравік, лісічка сапраўдная, чырвонагаловік, падбярозавік, масляк, смаржок канічны, смаржковая шапачка, страчок звычайны, рыжык, грузд жоўты, грузд чорны, ваўнянка ружовая, гладыш, гаркуха, валуй, сыраежка, скрыпіца, шаруха, краснушка, апенька асенняя, радоўка, зялёнка.
Разам з правядзеннем лесагаспадарчых і лесанарыхтоўчых работ у мэтах рацыянальнага і эфектыўнага выкарыстання лесасыравінных рэсурсаў арганізацыі Міністэрства лясной гаспадаркі ажыццяўляюць нарыхтоўку другасных лясных рэсурсаў і жывіцы.