Нарыхтоўка і выкарыстанне драўняных лясных рэсурсаў
У Беларусі асноўныя прынцыпы арганізацыі лесакарыстання вызначаны наступнымі нарматыўнымі дакументамі:
- Дзяржаўнай праграмай развіцця лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2021—2025 гады;
- Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь;
- Лясным кодэксам Рэспублікі Беларусь.
Названымі дакументамі вызначаны наступныя мэты пры арганізацыі лесакарыстання:
- рацыянальнае, невычарпальнае і бесперапыннае выкарыстанне лясоў;
- забеспячэнне адносна пастаяннага лесакарыстання ў межах ляснога фонду для суб'ектаў вядзення лясной гаспадаркі;
- ажыццяўленне экалагізаванага (прыродасумяшчальнага) лесакарыстання.
Для выканання пералічаных мэт вырашаюцца наступныя задачы:
- арганізацыя лесакарыстання ў адпаведнасці з функцыянальным прызначэннем лясоў: улік прыналежнасці насаджэнняў да вызначаных груп і катэгорый лясоў;
- навукова абгрунтаваныя метады вызначэнне памеру лесакарыстання (разліковай лесасекі), якія забяспечваюць яго невычарпальнасць і адноснае пастаянства, што ажыццяўляецца пры правядзенні базавага лесаўпарадкавання пры кантролі з боку дырэктыўных органаў;
- захаванне прынцыпаў мнагамэтавага лесакарыстання, г. зн. рацыянальнае спажыванне грамадствам не толькі драўніны, але і харчовых і лекавых рэсурсаў (грыбы, ягады, лекавая сыравіна і г. д.), а таксама і іншых карыснасцей (звязванне дыяксіду вугляроду, водаахоўная, глебаахоўная функцыі і г. д.) лясных насаджэнняў;
- забеспячэнне надзейнага аднаўлення і далейшага ўзнаўлення лясоў;
- захаванне экалагічных патрабаванняў пры арганізацыі мнагамэтавага лесакарыстання: захаванне ляснога асяроддзя, біялагічнай разнастайнасці, мінімізацыя пашкоджання надглебавага покрыва і г. д.;
- паступовая аптымізацыя пароднай структуры ляснога фонду ў адпаведнасці з сучаснымі і перспектыўнымі патрэбамі народнай гаспадаркі, асаблівасцямі ўмоў месцавырастання насаджэнняў, эканамічнымі і экалагічнымі патрабаваннямі і магчымасцямі вырошчвання дрэвастояў;
- аптымізацыя сартыментнай структуры лесасечнага фонду ў адпаведнасці з патрэбамі народнай гаспадаркі рэспублікі і запытамі сусветнага рынку лесаматэрыялаў;
- паступовая аптымізацыя ўзростаў і абаротаў высечак як тэхнічнага інструмента для забеспячэння атрымання найбольш каштоўных сартыментаў, дасягнення найвышэйшых эканамічных паказчыкаў лесакарыстання і яго экалагізацыі;
- рацыянальнае комплекснае выкарыстанне драўніны і іншых прадуктаў, якія атрымліваюцца пры лесакарыстанні (для гэтага ажыццяўляецца арганізацыя поўнай глыбокай перапрацоўкі драўніны з мэтай атрымання прадукцыі з найвышэйшай доляй дабаўленай вартасці, поўная ўтылізацыя адходаў, у тым ліку для патрэб энергетыкі);
- пашыранае выкарыстанне лесу для выканання ім рэкрэацыйнага патэнцыялу.
Рэалізуючы на практыцы прынцыпы ўстойлівага лесакіраўніцтва і лесакарыстання, лясная гаспадарка забяспечвае не толькі пастаяннае лесакарыстанне ў межах штогадовага прыросту драўніны, але і эканамічную бяспеку дзяржавы, стабільнасць функцыянавання народнай гаспадаркі.
Лесакарыстанне складае эканамічную аснову вядзення лясной гаспадаркі і вызначае ўзровень яго інтэнсіўнасці. Яно прадстаўлена рознымі відамі карыстання з перавагай нарыхтоўкі драўніны.
Нарыхтоўка драўніны ажыццяўляецца пры высечках галоўнага і прамежкавага карыстання — высечкі догляду за лесам, выбарачныя санітарныя высечкі і высечкі рэканструкцыі. Праводзяцца таксама высечкі абнаўлення і фарміравання (перафарміравання) насаджэнняў, санітарныя высечкі, уборка захламленасці, расчыстка лясных плошчаў для будаўніцтва трубаправодаў, дарог, ліній электраперадачы і сувязі, іншых аб'ектаў.