Ад шкоднікаў і хвароб

Беларускія лясы знаходзяцца пад пастаянным уздзеяннем неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя. Перыядычна яны падвяргаюцца негатыўнаму ўплыву ўраганаў і шквалістых вятроў, шкодных насякомых і хвароб, засухі, залішняга ўвільгатнення і лясных пажараў. Павышэнне біялагічнай устойлівасці лясных насаджэнняў і клопат пра здароўе лесу з'яўляецца асноўнай задачай лесаахоўных службаў.

Сістэма кантролю за пашкоджаннем лясных насаджэнняў, змяненнем колькасці папуляцый шкодных насякомых, развіццём хвароб і іншых паталагічных працэсаў забяспечваецца пры вядзенні лесапаталагічнага маніторынгу.

Лесапаталагічны маніторынг вядзецца на ўсёй плошчы ляснога фонду рознымі метадамі, асноўным з якіх з'яўляецца наземны. Рэгулярныя назіранні і ўлікі ажыццяўляюцца на выдзеленых участках лесу агульнай плошчай 353 тыс. га, адсочваецца з'яўленне і развіццё асноўных відаў шкоднікаў і хвароб, якія могуць нанесці істотны ўрон лесу.

Лесапаталагічныя абследаванні праводзяцца штогод на плошчы звыш 1,2 млн га і дазваляюць фіксаваць бягучыя змены ў лясным фондзе, ацэньваць ступень пашкоджання лясоў у выніку негатыўнага ўздзеяння прыродных фактараў.

Матэрыялы лесапаталагічнага маніторынгу выкарыстоўваюцца для прызначэння і прыняцця мер па лакалізацыі і ліквідацыі ачагоў шкоднікаў лесу і павышэння аператыўнасці санітарна-аздараўленчых мерапрыемстваў.

Абарона лясоў ажыццяўляецца з выкарыстаннем экалагічна бяспечных прэпаратаў, якія адпавядаюць міжнародным патрабаванням сертыфікацыі лясоў і дазволеных для прымянення ў Рэспубліцы Беларусь. На асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях прымяняюцца толькі біялагічныя сродкі абароны лесу.

У рэспубліцы ёсць сур'ёзны навуковы патэнцыял, які дазваляе забяспечваць абарону лясоў на сучасным узроўні і з улікам сусветнай практыкі. Беларускім дзяржаўным універсітэтам распрацаваныя і вырабляюцца ферамоны для ажыццяўлення ферамоннага нагляду за асноўнымі хвое- і лістагрызучымі відамі паднаглядных насякомых, якія прымяняюцца ў лесапаталагічным маніторынгу ляснога фонду.

У Інстытуце лесу НАН Беларусі створаны фітапаталагічны цэнтр лясных драўняных відаў, у якім прымяняюцца тэхналогіі ранняй дыягностыкі і ідэнтыфікацыі ўзбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў лясных драўняных відаў з выкарыстаннем малекулярна-генетычных метадаў. Сфарміравана калекцыя ДНК і генетычная база даных больш за сотню відаў мясцовых фітапатагенных штамаў.

Удасканаленне сістэмы абароны лясоў на аснове прымянення высокаэфектыўных тэхналогій станоўча адбіваецца на экалагічным і рэсурсным патэнцыяле лясоў і будзе спрыяць захаванню прыродных багаццяў Рэспублікі Беларусь.

У лясным фондзе Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь у выніку прынятых мер у 2016 годзе плошча ачагоў шкоднікаў і хвароб лесу знізілася на 1,23 тыс. га да аналагічнага перыяду мінулага года і склала 161,4 тыс. га. Праведзеныя санітарныя высечкі і высечкі догляду дазволілі паменшыць колькасць дзеючых ачагоў хвароб лесу, якія патрабуюць ажыццяўлення лесагаспадарчых мерапрыемстваў, на 2 тыс. га, або на 4,8 % да мінулагодняга ўзроўню, і скараціць іх плошчу да 39,8 тыс. га.

Больш падрабязна аб службе лесааховы на сайце ДУ «Беллесаахова»